Журы назвала доўгі спіс намінантаў на Прэмію Багушэвіча

Журы прэміі імя Францішка Багушэвіча сфармавала доўгі спіс з твораў, выдадзеных у 2025 годзе і намінаваных на конкурс прэміі. У дванаццатку ўвайшлі як кнігі, так і медыйныя праекты — падкасты, блогі і даследаванні, што прапануюць новыя перспектывы для вывучэння гістарычнай спадчыны і пашырэння беларускай культуры.

З 24 твораў, уключаных у поўны спіс, у наступны этап конкурсу прайшлі 12 — тыя, што, паводле ацэнкі журы, не толькі адпавядаюць мэтам прэміі, але найбольш выразна і арыгінальна асэнсоўваюць тэмы беларускай гісторыі, культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці.

У доўгі спіс прэміі ўвайшлі:

Кнігі:

  1. “І даўней так пелi: Музычны фальклор старавераў паўночна-заходняй Беларусі”Вольга Барышнікава (Skaryna Press, Лондан, 2025)
  2. “Патаемная спадчына. Казкі пра беларускіх жанчын”. Том 1 i 2 – фундацыя BYPROSVET (BYPROSVET/Magenta, Варшава, 2025)
  3. “Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці”Ганна Кандрацюк (выдавецтва Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, Беласток, 2025)
  4. “Апошнія сведкі Гродна”Руслан Кулевіч (самвыд, Польшча, 2025)
  5. “На “Старт” і ў “Тэмпе”: Ножны шпурляк на Аршаншчыне”Арцём Сізінцаў (Skaryna Press, Лондан, 2025)
  6. “Кола дня”Аляксандра Турава  (2025, зашыфраваны ўдзел)
  7. “Кровазварот”Юля Цімафеева (Янушкевіч, Варшава, 2025)
  8. “Цені падмуркаў” – Milestone (2025, зашыфраваны ўдзел)

Артыкул у медыя, падкаст, кіно, відэа/відэацыкл, іншае:

  1. Тэлевізійны праект “Сармацкі вус” – аўтар і вядоўца Цімафей Акудовіч
  2. “Беларусь як “культурное падабенства каланіяльнай Афрыкі”, ці Антыкаланіяльнае паўстанне камуніста Аляксея Каўкі”Таццяна Астроўская (артыкул у часопісе «Topos», Вільня, 2025) 
  3. Падкаст “Літаратурныя зацемкі”Сяргей Дубавец
  4. Відэаблог пра беларускую кухню “Pr0Food” Сяргей Мазан

Прэмія імя Францішка Багушэвіча, заснаваная ў 1996 годзе Беларускім ПЭНам, штогод адзначае найлепшыя творы, прысвечаныя гісторыі і культуры Беларусі. Яна заклікана падтрымліваць даследаванні, мастацкія і медыйныя праекты, што ўмацоўваюць беларускую культурную прастору і спрыяюць аднаўленню гістарычнай памяці.