Выдавецтва Gutenberg Publisher працягвае папаўняць серыю “Акно ў прозу”, шостай кнігай у якой стала перавыданне дэбютнага зборніка Евы Вежнавец “Шлях дробнай сволачы”(2008). А 16 студзеня ў Варшаве пройдзе творчая сустрэча з аўтаркай, якая змагаецца з цяжкой хваробай, з нагоды выхаду перавыдання.
Першая кніга Евы Вежнавец “Шлях дробнай сволачы” (складаецца з апавяланняў і аповесці) да сёння, на жаль, знаходзілася ў літаратурным лімбе лічбавай эпохі: быццам бы існуе, але раскіданая па прыватных калекцыях, быццам бы смелая і рэзанансная, але абыдзеная рэцэнзіямі, быццам бы адна з найважнейшых кніжак пра тое, дзе, за што і з кім побач беларускі вымушаныя жыць, але ў ценю “Па што ідзеш воўча?”. А між тым, Вежнавец ломіць наш кантэкст на два. На жанчын і на мужчын. На краіну, якой апантаная, і на Быдларусь, якая забівае. На людзей ідэі і на людзей, па вуліцах імя якіх мы ходзім і будзем хадзіць. Сябе і нас усіх аўтарка бачыць у гэтым разломе, з якога мы караскаемся насустрач сонцу. Чаго хочаш? Н быць дробнай сволаччу! Але пакуль мы толькі караскаемся, блытаем сляды і губляемся ў арыенцірах. У гэтым і Шлях.
Набыць кнігу можна на сайце выдавецтва, там жа можна замовіць усе кнігі серыі (са зніжкай).
16 студзеня ў Варшаве на сустрэчы з Евай Вежнавец можна будзе задаць пытанні, падпісаць кнігі, паслухаць развагі аўтаркі. Мадэратарка сустрэчы — галоўная рэдактарка выдавецтва Gutenberg Publisher Валянціна Андрэева.

16 студзеня, 18:30-20:00
Imaguru Startup HUB, Warszawa, ul. Twarda 14/16
Уваход вольны






